БЕЛАРУ́СКІ НАВУКО́ВА-ЛІТАРАТУ́РНЫ ГУРТО́К студэнтаў С.-Пецярбургскага універсітэта,

культурна-асветная арг-цыя ў 1912—14. Узнік на хвалі нац.-вызв. руху народаў Рас. імперыі па ініцыятыве Я.І.Хлябцэвіча; кіраўнік гуртка А.​А.​Разенфельд, стараста Б.​А.​Тарашкевіч. У арганізац. групу ўваходзіла 16 чал. Гурток падтрымлівалі І.​А.​Бадуэн дэ Куртэнэ, Я.​Ф.​Карскі, Е.​Р.​Раманаў, А.​А.​Шахматаў і інш. Статут гуртка 30.12.1912 зацверджаны саветам прафесараў ун-та. Мэта гуртка: «навуковае азнаямленне з духоўным і грамадскім жыццём Беларусі», навук. абгрунтаванне неабходнасці развіцця бел. мовы, л-ры і культуры. Гурткоўцы выпусцілі час. «Раніца» (1914), разам з суполкай «Загляне сонца і ў наша аконца» ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы альманаха «Маладая Беларусь» (1912—13).

Вокладка брашуры «Беларускі навукова-літаратурны гурток студэнтаў С.-Пецярбургскага універсітэта». 1913.

т. 2, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)